21 February 2017

Міжнародны дзень роднай мовы.

21 лютага ў 1952 годзе паліцыя адкрыла агонь па бяззбройнай мірнай дэманстрацыі, якая змагалася за прызнанне бенгальскай мовы ў якасці афіцыяльнай мовы Пакістана. Загінула пяць студэнтаў...

Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення...

01 February 2017

Чарговы набор касметычка + вокладка

А ў мяне ўсё ніяк не скончыцца касметычкавы перыяд )))Тканіны нейк самі падабраліся, злажыліся, а ідэя што пашыць так і не нарадзілася. Таму вось... зноў касметычка.

16 January 2017

Швэдрык на сабачку

Вязаць спіцамі я не вельмі люблю, бо не ўмею. Заўсёды шмат перавязваю і петлі роўнымі не атрымліваюцца. Ну а тут сястра паскардзілася, што апранаць Сціві складана, і размер не знайсці, і дорага. Вось і звязала, каб зусім не забыцца, як гэта робіцца.
Па Сціві можна адразу зразумець падабаецца яму адзежа ці не. Калі яму не камфортна, то ён зусім перастае рухаецца, стаіць што ўкапаны.
У маім жа швэдрыку ну не злавіць, а на лета Сціві заўсёды коратка стрыгуць, то кофтачка зусім свабодная будзе. І сфатаграфаваць таксама немагчыма, адно выйсце - падваконнік. Тут ужо не збяжыш, ды і ёсць чым заняцца, напрыклад пагаўкаць на трактар, што прыбірае снег пад вокнамі. 
А куды Сціві - туды і котка. Відаць думала, што гэта ёй прывезлі новую цацку. Потым некалькі дзён усё шукала яго.

27 December 2016

Вось цяпер можна і Новы год сустракаць, а я ужо думала, што свята не атрымаецца. Эх, а столькі планаў было, столькі ўсяго трэба было зрабіць, а цяпер думаю, можа елку ўжо і не даставаць... Усё пачалося з таго, што мамчынай котцы не вельмі ўдала зрабілі стэрылізацыю. Не буду пісаць, як накасячылі наваградскія ветэрынары, што ж тут ужо зробіш...  А вось "Доктар Вет" - гэта моц! Цяпер калі гэты жэўжык ужо дома, я магу трошкі ачуняць )))  Можа каб не Кот, у якога на месцы яшчэ ўсё часткі цела, было б не ўсё так складана)))
Гэты год быў нешта багаты на ратаванне жывёл... А ў лістападзе быў яшчэ і чыхуахуа, які збег з прыватнага сектара, заблукаў, а знайсці пашчаслівілася мне ў нас на базе. Гэта было самае прыемнае і хуткае ратаванне )))
Усіх з надыходзячым Новым годам! Шчасця і здароўя усім людзям і жывёлам ))) 

09 December 2016

Знаёмцеся, медзведзяня Плюшык.

Не ведаю чаму вакол мяне заўсёды шмат мядзведзяў, мішак і Міхаілаў ))) Мой дзед - Міхась, тата - Міхась, хросны сынок - Мішаня, і яшчэ шмат розных Міхаілаў, Міхасёў сярод родзічаў і знаёмых. Была ў мяне і цэлая калекцыя цацачных медзведзянят. Здаецца і не збірала спецыяльна... іх я раздала і раздарыла, калі пачала займацца рукадзеллем, проста цяпер цацкі з крамы мяне больш не прывабліваюць. Але як кажуць, святое месца пустым не бывае, паступова пачалі з'яўляцца ў мяне новыя цацачныя мядзведзікі, але рукатворныя. Іх пакуль не вельмі шмат, кагосьці набыла на дабрачынным аўкцыёне, аднаго пашыла сама, а вось гэтага ў якасці цукеркі атрымала як першы (а можа і адзіны) навагодні падарунак.
Снягуркай для мяне стала Алеся з Віцебска. (Алеся, дзякуй, дзякуй вялікі я на сёмым небе!)
Вельмі хацелася пакінуць пасылку нераспакаванай да навагодняй ночы (але дзе ж узяць столькі цярпення) І калі б я так зрабіла, то інтуіцыя мене б не падвяла, я бы атрымала сапраўдны навагодні падарунак з цукеркамі шакаладна-шакаладнымі, каляднай паштоўкай з віншаваннямі, сняжынкай і з проста чароўным вінтажным плюшавым мішкам. Словамі не перадаць, якое гэта неверагоднае пачуццё ўпершыню ўбачыць гэта медзведзяня. Гэта дзіва які ён кранальны, і ніякія фотаздымкі не перадаюць усю замілаванасць і душэўнасць гэтай цацкі. Адзін дотык і ты разумееш, што гэта нешта роднае і блізкае, а потым здаецца ўжо, што гэтая я сама калісьці даўно  згубіла майго Плюшыка, а цяпер праз шмат год ён знайшоўся... якое шчасце!
На бірачцы мядзведзіка напісана, што гэта ёлачная цацка, але на елку я яго вешаць не буду, не хачу правакаваць КатА, можа ён і не зацікавіцца Плюшыкам, але не хачу рызыкаваць ))) На елачку абавязкова павешу срабрыстую сняжынку-зорачку. 
Не стамлюся дзякаваць Алесю за такое навагодняе дзіва, якое яна зрабіла для мяне. Алеся, ты сапраўдная чараўніца, а як яшчэ патлумачыць той факт, што ствараеш ты амаль жывых істот, і у кожнага свая гісторыя, характар, пачуцці.

06 December 2016

Набор у марскім стыле

У мяне касметычкавы перыяд ))) Насамрэч, даўно мазоліла вока стужка тыпа "Хэло Кіці", якую спачатку заказала, а толькі потым пачала думаць, куды яе прыладкаваць. Думала ой доўга-а, а ў мяне нават, калі ёсць ідэя, хутка не бывае )))
Да камплекту пашыла яшчэ вокладку на пашпарт.

24 November 2016

Мой кот

   Заўсёды марыла абзавесціся катом ці коткай. Я канечне здольная на неабдуманыя учынкі, але толькі не ў гэтым выпадку. Мая сястра дапамагае валанцёрам і бярэ час ад часу коцікаў на ператрымку. План быў такі: узяць на пэўны час, а калі мы спадабаемся адзін аднаму, то пакінем гадаванца назаўсёды. Хацела кагосьці прыгожага і прышпільнага )))
Упэўнена, што Бог не займаецца такімі дробязямі, таму скажу, што ў космаса план быў іншы. Кот сам мяне знайшоў, выбраў і дазволіў стаць яго гаспадыняй.
   Вось такое калматае дзіва з'явілася на нашай базе. Па паводзінах было відавочна, што ён хатні, вельмі ласкавы і дэлікатны. Думалі, што прыходзіць з прыватнага сектара, але яго стан быў вельмі дрэнным: вага ўсяго 2,38 кг. Прагледзела сайты, яго ніхто не шукаў. Кармілі і ціскалі ўсе, чаму ён выбраў мяне... загадка... Я дакраналася да гэтага ката толькі некалькі разоў, калі праводзіла яму санітарную апрацоўку і калі выразала і вычэсвала каўтуны.
Да свайго працоўнага стала забараняла нават набліжацца. Такія нахабныя здымкі зрабіў калега, канечне ў маю адсутнасць. Можа ўсё так і засталося, але ката не прынялі вартавыя сабакі, як убачаць ці пачуюць яго, адразу арганізоўвалі паляванне. Кожны паход "да ветру" для ката быў вельмі небяспечны.
Вырашыла, што забяру яго, калі зразумела, што ўвесь час у галаве толькі адна думка: "Як там Кот?" Спытала дазвол у мужа і папярэдзіла, што кот не вельмі прыгожы, на што ён адказаў, што ўвогуле не разумее, як кот ці сабака можа быць непрыгожым. Не ну сапраўды аж мову аднімае ад такой прыгажосці ))))

Думала забяру, калі куплю і падрыхтую ўсё неабходнае, а ў выніку проста пасадзіла на калені і павезла да дому. 
Вось і ўсё... Насамрэч гэта 100% мой кот, ідэальны, самы прыгожы і вельмі разумны. Мянушку не прыдумалі, так і клічам - Кот ))) 

23 November 2016

Касметычка і пенал

Я знікла, а што здарылася? Ды нічога асаблівага - кот і The Big Bang Theory. Пра катА будзе асобнае паведамленне, абяцаю, а "тэорыю" сястра даўно раіла паглядзець. Пачала глядзець адна,  заліпла на першых секундах, муж далучыўся праз хвілін 20. Не маглі адарвацца пакуль не паглядзелі ўсе сезоны ))) І ведаеце, што я зразумела, "Тэорыя" - гэта лепшае, што здарылася са мной у гэтым годзе... Не-не, лепшае здарэнне - гэта кот)))
За гэты час пашыла толькі касметычку  і пенал. Працягваю пазбаўляцца ад запасаў. Дала сабе слова, што не куплю ні кавалка новай тканіны ў гэтым годзе. Купіла некалькі кавалкаў скуры, гэта ж не тканіна ))))
Гэтыя кексікі купіла вельмі даўно, збіралася кулінарную кнігу зрабіць, яшчэ такі ружовы адрэз чакае свайго часу. 
 А пенал пашыўся з рэшткаў ад сонечнага камплекта.
Пакажу свае касметычкі ў праекце Ані "ЛИКВИДАЦИЯ РУКОДЕЛЬНЫХ ЗАПАСОВ"

LinkWithin

Related Posts Plugin for WordPress, Blogger...

LinkWithin

Related Posts Plugin for WordPress, Blogger...